Жыццё банка
07.07.2015

Стабільным курсам у гушчы фінансавых бур!

Стабільным курсам у гушчы фінансавых бур!

Менавіта такімі словамі можна апісаць XI Рэспубліканскі турыстычны злёт Прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў, які прайшоў у адным з найпрыгажэйшых куткоў нашай краіны - турыстычнай базе «Высокі бераг» размешчанай у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, дзе зборная каманда ААТ «ААБ Беларусбанк» заваявала другое агульнакаманднае месца ў катэгорыі сістэмаўтваральных банкаў Рэспублікі Беларусь.

Ужо з 2009 года Аб’яднаная прафсаюзная арганізацыя ААТ «ААБ Беларусбанк» знаходзіцца ў структуры Прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў і з гэтых пор штогод удзельнічае ў праводзімых банкаўскім прафсаюзам турыстычных злётах. Работнікі нашага банка атрымліваюць выдатную магчымасць памерацца сіламі з лепшымі камандамі іншых банкаў, паказаць сваё майстэрства і праявіць свае спартыўныя і творчыя таленты. Варта адзначыць, што атрымліваецца ў іх гэта даволі паспяхова, бо зборная каманда «Беларусбанка» чатыры гады запар з 2011 па 2014 гг. станавілася ўладальнікам 1-га месца ў агульнакамандным заліку і ў 2013 годзе была ўдастоена гонару прадстаўляць банкаўскі сектар краіны на I-м Рэспубліканскім турыстычным злёце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

У гэтым годзе ў турыстычным злёце прынялі ўдзел больш за 26 зборных каманд банкаўскіх і фінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь, якія ўваходзяць у Беларускі прафсаюз банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Спартыўная праграма турзлёту складалася са спаборніцтваў па перацягванні каната, спартыўным арыентаванні, паласе перашкод і тэхніцы воднага турызму.


«Марская» візітка Беларусбанка

Творчая частка традыцыйна ўключала ў сябе конкурс «Візітная картка», конкурсы на лепшае выкананне турыстычнай песні і лепшую страву, прыгатаваную на вогнішчы, а таксама конкурс-агляд палатачнага гарадка. У афармленні турыстычнага лагеря і творчых конкурсах пераважала марская тэматыка. Лагер Беларусбанка быў аформлены ў выглядзе карабля пад ветразем, які ўпэўнена ідзе стабільным курсам у гушчы фінансавых бур.  

Адкрыццё злёту пачалося з пастраення каманд. Ва ўрачыстых абставінах былі ўзняты сцягі Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. З прывітальным словам выступіў старшыня рэспубліканскага камітэта банкаўскага прафсаюза Аляксандр Ліхтаровіч, пасля чаго журы і ўсе гледачы змаглі ў поўнай меры атрымаць асалоду ад творчага крэатыву каманд розных банкаў краіны ў рамках конкурса «Візітная картка».


Праходжанне варот. У байдарцы Марына і Васілій Яраш.

Асноўная праграма спаборніцтваў разгарнулася на другі дзень. Адбыліся спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні і пераадоленні паласы перашкод, дзе нашы спартсмены занялі другое месца. У турысцкіх відах дастойна выступілі вядучыя спартсмены банка: Вераніка Дудук, Арлоўская Таццяна, Гарбачова Ірына, Варанцоў Андрэй, Кунцэвіч Павел і Сарока Аляксандр. Зноў паказалі клас майстры спартыўнага турызму – сям’я Яраш з ЦБП №415 г. Масты. Васілій і Марына па-майстэрску пераадолелі водную дыстанцыю на турыстычнай байдарцы і занялі выніковае другое месца.

Як заўсёды асобна ў спартыўнай праграме стаялі спаборніцтвы па перацягванні каната, якія па праву лічацца самай відовішчнай падзеяй турзлёту. Гонар банка ў гэтым спаборніцтве абаранялі Дарашук Руслан, Малашкевіч Васілій, Герасімчык Аляксандр, Яромін Дзяніс, Кравец Вадзім і Варанцоў Андрэй.

На працягу чатырох гадоў каманда Беларусбанка, стабільна выходзячы ў фінальную стадыю спаборніцтваў, ва ўпартай барацьбе ўступала ў вырашальных бітвах, займаючы трэція і другія месцы. Менавіта пагэтаму на канат нашы спартсмены выйшлі з асаблівым настроем і вялізным жаданнем перамагчы. Усе чатыры раўнды засталіся за нашымі спартсменамі, а ў фінанльным паядынку быў пераможаны даўні і прынцыповы супернік – каманда Прыёрбанка.

Навясная пераправа


На канаце змагаліся з усіх сіл

Здзівілі сваім майстэрствам не толькі спартсмены, але і майстры кулінарнай справы нашай каманды – Валянціна Арлова, Елізавета Балыко, Людміла Маладцова, Святлана Юр’ева, Вольга Кашанкова, Ніна Радзівілл, якія ў конкурсе на лепшую страву, прыгатаваную на вогнішчы, сталі ўладальнікамі дыплома ў намінацыі «Страва Перамогі».


Дружная каманда карабля «Беларусбанк» 

Ужо чацвёрты год у камандзе Беларусбанка не адхіляюцца ад добрай традыцыі - вершы для конкурса на лепшае выкананне турыстычнай песні складаць у час правядзення злёту. Так і на гэты раз, творчым актывам, пад кіраўніцтвам капітана каманды Дзмітрыя Гваздовіча, была напісана песня, якая стала несумненным хітом конкурса і ўсёй вячэрняй канцэртнай праграмы.

Падчас конкурса абароны турыстычнага лагера журы на чале са Старшынёй Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Аляксандрам Ліхтаровічам было прапанавана ўзысці на палубу карабля па трапу, паказаць навыкі вязання марскіх вузлоў, пакаштаваць сапраўднага марскога пунша, адмыць палубу, станцаваць «яблычка», пранесці на руках русалку і нават пастаяць за штурвалам карабля!

 


Ля штурвала - старшыня журы А.Л. Ліхтаровіч

Падводзячы вынікі турыстычнага злёту, старшыня аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Петрачкова падзякавала ўсім работнікам банка, якія нягледзячы на сваю занятасць на рабочых месцах, усё ж знайшлі час прыехаць з розных абласцей і прыняць удзел у злёце, праявіўшы ўсе свае лепшыя таленты.

Наталля Іванаўна адзначыла паспяховую сумесную работу і ўзаемадзеянне спарткамітэта банка і Аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі і ў пытаннях арганізацыі і падрыхтоўкі выступлення каманды на турыстычным злёце. У сваю чаргу, удзельнікі турыстычнага злёту выказалі вялікую ўдзячнасць у адрас кіраўніцтва банка і прафсаюза за арганізацыю і магчымасць удзелу ў такім цудоўным спартыўным і творчым свяце.

Узнагароды – дастойным!

На працягу ўсяго турыстычнага злёту паміж «банкірамі-канкурэнтамі» панавала цёплая і сяброўская атмасфера, XI Рэспубліканскі турыстычны злёт Прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў падарыў усім удзельнікам выдатны настрой і зарад пазітыву, які яшчэ надоўга застанецца з удзельнікамі злёту.

Менеджар па РІР, старшыня прафкама філіяла №703 г. Бабруйск

Максім Семянюк