19 мая 2015 года ААТ «ААБ Беларусбанк» сумесна з плацежнай сістэмай БЕЛКАРТ упершыню ў Мінску правялі інфармацыйна-забаўляльнае мерапрыемства па павышэнні фінансавай граматнасці для ўсёй сям’і «Чароўная карта». Адбылося яно на базе карпаратыўнага кліента банка СААТ «Камунарка».
Праходзіла мерапрыемства ў форме актыўнага сямейнага свята. У той час як дарослыя кансультаваліся ў прадстаўнікоў банкаў, вучыліся карыстацца сродкамі дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, адказвалі на пытанні фінансавай віктарыны, самых маленькіх гасцей забаўлялі шаржысты, спецыялісты па аквагрыме і роставые лялькі.
Кожны, хто прыйшоў і хоць раз правільна адказаў на пытанне віктарыны, атрымаў сувенір. Узяць дадому памятны падарунак можна было і падрыхтаваўшыся загадзя – правёўшы аплату на суму не менш за 50 000 бел. руб. з дапамогай дыстанцыйнага сродку банкаўскага абслугоўвання і прад’явіўшы арганізатарам чэк, які пацвярджае аперацыю.
Кліенты цікавіліся ў банкаўскіх спецыялістаў укладнымі аперацыямі, крэдытамі, плацежнымі карткамі, рэгістраваліся для ўдзелу ў дысконтнай праграме «Е-плюс», падключаліся да М-банкінгу і Інтэрнэт-банкінгу, вучыліся карыстацца інфакіёскам.
Па водгуках удзельнікаў, гэта мерапрыемства было цікавым і карысным, паколькі дазволіла пазнаёміцца з магчымасцямі выкарыстання плацежных карт, садзейнічала павышэнню фінансавай культуры.
Падобныя акцыі «Беларусбанкам» і БЕЛКАРТ у рэспубліцы пачалі праводзіцца са снежня мінулага года.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»