Жыццё банка
08.05.2015

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі «Беларусбанк» выдаў фотаальбом «Перамога. Помнім і ганарымся» (прэс-рэліз)

{gallery_30583}

Напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі на выставе «Этапы Вялікай Перамогі», разгорнутай у Цэнтральным апараце «Беларусбанка», адбылася прэзентацыя фотаальбома «Перамога. Помнім і ганарымся», выдадзенага банкам сумесна з інфармацыйным агенцтвам БЕЛТА.

У фотаальбоме сабрана каля 400 унікальных фотаздымкаў з архіва БЕЛТА, у тым ліку такіх вядомых ваенных карэспандэнтаў, як Уладзімірр Лупейка, Васілій Аркашоў і Міхаіл Савін. Фатаграфіі расказваюць пра апошнія перадваенныя гады, франтавыя будні, партызанскі рух, работу ў тыле, вызваленне Беларусі, аднаўленне краіны з руін, мемарыялізацыю памяці аб подзвігу народа.

«Мы адразу падтрымалі выдатную прапанову Беларускага тэлеграфнага агенцтва аб выданні фотаальбома пра тыя значныя і знакавыя для нас гады. Я глыбока перакананы, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі ведалі, цанілі і ганарыліся Перамогай. І каб жахі ваенных ліхалеццяў маглі бачыць толькі ў архівах фотахронікі. Мы павінны не дапусціць перагляду яе вынікаў. Сёння гэта вельмі няпроста, але я хачу верыць, што мы справімся», — сказаў старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык.

У адкрыцці фотавыставы таксама прыняў удзел Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у фонды якой былі ўрачыста перададзены некалькі экзэмпляраў фотаальбома. «Фатаграфіі ваенных гадоў неацэнныя, і калі гэта кніга трапіць у бібліятэкі па ўсёй краіне, у моладзі з’явіцца ўнікальная магчымасць палістаць яе старонкі і паглядзець у вочы тых, хто вяршыў гісторыю ў той час», — адзначыў Раман Матульскі.

Высока ацаніў гэты праект і прарэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіл Мішкевіч, прымаючы фотаальбом у падарунак. У далейшым «Беларусбанк» плануе распаўсюдзіць выданне па абласных, гарадскіх і раённых бібліятэках, вышэйшых навучальных установах і падшэфных установах адукацыі.

Ганаровым госцем мерапрыемства стала вязень концлагера Азарычы Вера Салановіч (Кур’ян) — гераіня здымка, які ўвайшоў у фотаальбом «Перамога. Помнім і ганарымся». Прадстаўнікі банка ўручылі ёй падарункі да 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выстава выклікае вялікі інтарэс у супрацоўнікаў банка. Яна будзе дзейнічаць да 3 ліпеня, каб усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з яе экспазіцыяй.

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»