Жыццё банка
16.06.2014

На турзлёце ўсе атрымалі зарад энергіі і добрага настрою (прэс-рэліз)

{gallery_29832}

Удзельнікаў XIII турыстычнага злёту цэнтральнага апарата і філіялаў (ЦБП) Мінска, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 10-годдзю АПА банка, прымала спартыўна-аздараўленчая база ФПБ «Алімпіец», пас. Сёмкава Мінскі раён, у мінулыя выхадныя.

На працягу трох дзён сталічныя банкіры мераліся сіламі ў спорце і творчасці. Не дзіўна, што цэнтральнай тэмай многіх конкурсаў стала менавіта ваенная. Яна чырвонай ніткаю прайшла праз конкурс ваенна-патрыятычнай песні і абарону лагера.

Нягледзячы на тое, што з самага адкрыцця спартыўнага свята ішоў дождж, нябесная канцылярыя не сапсавала задуму банкіраў і ўсе этапы турзлёту ўдзельнікі адолелі з годнасцю. Прайшлі парадным маршам па стадыёне «Алімпійца», выканаўшы страявую песню, абаранялі свае лагеры, прэзентавалі кулінарныя шэдэўры. Упершыню ў гэтым годзе ўдзел у турыстычным злёце ўзяла і каманда ТАА «АСБ Лізінг».

Абарона стала, напэўна, адным з самых вясёлых этапаў турзлёту. Рыхтуючыся да яго, удзельнікі відавочна вывучалі гісторыю, каб, напрыклад, аднавіць у палявых умовах інтэр'ер дзяржпрацаашчадкасы пасляваеннага часу, знаёміліся з асаблівасцямі побыту піратаў, каб запрасіць членаў журы адправіцца за скарбамі на імправізаваным караблі. Узгадалі і традыцыі піянерскіх атрадаў, з усёй належнай атрыбутыкай - чырвонымі пілоткамі і гальштукамі, рабілі машыну часу, каб адправіцца ў мінулае - у самую гушчу ваенных падзей - і ўзяць там «языка», фантазіравалі пра тое, як «Беларусбанк» дабярэцца да афрыканскага кантыненту, ладзілі сапраўдны кірмаш, з блазнамі, скамарохамі ды цыганамі з мядзведзем...

Побач са сваімі падначаленымі крэатывілі і кіраўнікі сталічных філіялаў: пераўвасабляліся ў цара, дырэктара піянерскага лагера, кухара ў рэстаране. А крыху пазней - яшчэ і мераліся сіламі ў мнагаборстве кіраўнікоў.

Самым яркім і запамінальным этапам турзлёту многія назвалі кубак па аэробіцы. Дзяўчаты, яркія і прыгожыя, выступілі на сцэне зусім не горш за зорак гімнастыкі. Ды і прафесійнае журы, якое ацэньвала конкурс, адзначыла, што ў гэтым годзе ўдзельніцы спаборніцтваў па аэробіцы паказалі высокі клас. За той час, што праводзяцца гэтыя спаборніцтвы, дзяўчаты настолькі павысілі сваё майстэрства, навучыліся ўжывацца ў вобразы, што застацца абыякавым да іх танцаў не мог ніхто.

Выказваючы падзяку ўсім удзельніцам спаборніцтваў за выдатнае шоу і падараваны выдатны настрой, Старшыня Праўлення Сяргей Пісарык адзначыў, што ўдзячны дзяўчатам за вялікую працу, якую яны выканалі, рыхтуючыся да гэтага выступлення. «І нягледзячы на тое, што кожная з вас напружана працуе, вы знаходзілі час для бясконцых трэніровак, я заўсёды быў упэўнены, што ў Беларусбанку працуюць самыя прыгожыя і самыя лепшыя дзяўчаты», - канстатаваў Старшыня Праўлення.

Таксама ў ходзе турзлёту былі разыграны кубкі па міні-футболе і пляжным валейболе, мнагаборстве «Здароўе».

На падвядзенні вынікаў і ўзнагароджанні пераможцаў і прызёраў намеснік Старшыні Праўлення Уладзімір Занько адзначыў, што з кожным годам вынікі спаборніцтваў становяцца ўсё лепшымі і лепшымі, устанаўліваюцца новыя асабістыя рэкорды, запальваюцца новыя зоркі.

Ну а самі ўдзельнікі спаборніцтваў гавораць, што турзлёт - гэта магчымасць абстрагавацца ад паўсядзённых праблем і гарадской мітусні. Таму што трапляючы сюды, ты быццам зліваешся з прыродай і абнаўляешся, а калі яшчэ і паспяваць песні ля вогнішча, паўдзельнічаць у спаборніцтвах, то напрыканцы злёту адчуваеш у сабе такі прыліў сіл, што можаш горы перавярнуць!

 

Па выніках усіх спаборніцтваў і творчых конкурсаў тройка пераможцаў выглядае наступным чынам:

 

1 месца - цэнтральны апарат;

2 месца - філіял № 514;

3 месца - філіял № 527 «Белжэлдор».

 

Кубак па міні-футболе:

1 месца - філіял № 519;

2 месца - цэнтральны апарат;

3 месца - філіял № 510.

 

Кубак па пляжным валейболе:

1 месца - цэнтральны апарат;

2 месца - ТАА «АСБ Лізінг»;

3 месца - філіял № 527 «Белжэлдор».

 

Кубак па мнагаборстве «Здароўе»:

1 месца - цэнтральны апарат;

2 месца - філіял № 519;

3 месца - філіял № 514.

 

Кубак па аэробіцы:

1 месца - філіял № 614;

2 месца - філіял № 527 «Белжэлдор»;

3 месца - цэнтральны апарат.

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»