Дэнамінацыя

Гісторыя правядзення дэнамінацый у Рэспубліцы Беларусь
 

Гісторыя правядзення дэнамінацый нацыянальнай валюты Рэспублікі Беларусь

20 жніўня 1994 г. у 10 разоў

Першы раз дэнамінацыя беларускага рубля была праведзена ў адпаведнасці з Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 1994 г. № 15/1 "Аб дэнамінацыі беларускага рубля" (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 1994 г., № 2, арт.55) 20 жніўня 1994 г. у 10 разоў.

1 студзеня 2000 г. у 1000 разоў

Дэнамінацыя таксама праводзілася 1 студзеня 2000 г. Намінальная вартасць рубля змянілася ў 1000 разоў (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 1999 г. № 613 "Аб змяненні намінальнай вартасці грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь і маштабу цэн" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 81, 1/726). У мэтах выканання гэтага Указа з 1 студзеня 2000 г. былі ўведзены білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь узору 2000 года вартасцю 1; 5; 10; 20; 50; 100; 500; 1000; 5000 рублёў (пастанова Савета дырэктараў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 1999 г. № 30.1 "Аб увядзенні ў абарачэнне білетаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь узору 2000 года" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 87, 8/1209). У адпаведнасці з узгаданай вышэй пастановай разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь узору 1992–1999 гадоў выпуску заставаліся ў абарачэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на працягу ўсяго 2000 года.
Абмен грашовых знакаў старога ўзору ўстановы Нацыянальнага банка ажыццяўлялі да 31 снежня 2003 г.

 

Тлумачэнні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб мэтах і парадку правядзення дэнамінацыі
 

З 1 ліпеня 2016 г. у Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі – беларускага рубля. Адпаведнае рашэнне прынята Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г. № 450.

Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнот узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года. Гэта значыць, улічваючы выбраны маштаб узбуйнення беларускага рубля (1:10 000), самы нізкі намінал банкноты, які дзейнічае ў цяперашні час, – 100 рублёў – будзе заменены на самы нізкі намінал новага грашовага рада – 1 капейку.

Усяго з 1 ліпеня 2016 г. у абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнот – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, і восем наміналаў манет – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот адпавядае дэвізу "Мая краіна – Беларусь". Кожная банкнота прысвечана адной з абласцей Беларусі і г. Мінску. Адпавяданне вобласці наміналу банкнот вызначана ў алфавітным парадку. Выява банкноты наміналам 5 рублёў прысвечана Брэсцкай вобласці, 10 рублёў – Віцебскай вобласці, 20 рублёў – Гомельскай вобласці, 50 рублёў – Гродзенскай вобласці, 100 рублёў – Мінскай вобласці, 200 рублёў – Магілёўскай вобласці, 500 рублёў – г. Мінску. У дызайне новых банкнот узору 2009 года захавана пераемнасць адносна банкнотнага рада ўзору 2000 года ў частцы выкарыстання выяў помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва.

На аверсе (пярэднім баку) разменных (цыркуляцыйных) манет, якія ўводзяцца ў абарачэнне, намаляваны Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, на рэверсе (адваротным баку) – лічбавыя абазначэнні наміналаў манет.

Да 1 ліпеня 2016 г. адзіным законным плацежным сродкам для ажыццяўлення наяўных разлікаў у Рэспубліцы Беларусь будуць з’яўляцца банкноты ўзору 2000 года, якія знаходзяцца ў цяперашні час у абарачэнні.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. уключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з’яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання без абмежаванняў.

На працягу наступных пяці гадоў – з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – будзе ажыццяўляцца абмен грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійнага ўзнагароджання.

Пры гэтым абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе:

з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2019 г. уключна – у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь;

з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

З 1 студзеня 2022 г. грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.

Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята з мэтай удасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў, падтрымання аптымальнага купюрнага пабудавання грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных выдаткаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь.

Працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар і не паўплывае на пакупніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, а таксама фактычна склаўшыйся ўзровень інфляцыі.

Так, цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 г. будуць пералічаны з улікам выбранага маштабу дэнамінацыі – 1:10 000. Іншымі словамі, калі да дэнамінацыі які-небудзь тавар каштаваў, напрыклад, 100 000 рублёў, то пасля дэнамінацыі яго цана складзе 10 рублёў. Пры гэтым, каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да падобных змяненняў, на час паралельнага абарачэння старых і новых грашовых знакаў, гэта значыць, у перыяд з 1 ліпеня па 31  снежня 2016 г., усе суб’екты гаспадарання абавязаны будуць указваць дзве цаны – старую і новую.

Па аналагічным прынцыпе пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, астаткі грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў і г. д.

Варта адзначыць, што падрыхтоўка да правядзення дэнамінацыі ў Рэспубліцы Беларусь заняла даволі працяглы перыяд. Так, новыя грашовыя знакі, якія будуць уведзены ў абарачэнне з 1 ліпеня 2016 г., былі выраблены па загадзе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 2008 годзе. Аднак тады, у сувязі з сусветным эканамічным крызісам і, як вынік, пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне, правядзенне дэнамінацыі было адкладзена, а вырабленыя грашовыя знакі перададзены ў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.

З улікам часу вырабу новыя беларускія рублі маюць пэўныя асаблівасці. У прыватнасці, на выпускаемых у абарачэнне банкнотах узору 2009 года размешчана факсіміле подпісу займаўшага на той момант пасаду Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь П.П. Пракаповіча. Акрамя таго, на новай банкноце наміналам 50 рублёў размешчаны надпіс "пяцьдзесят", які не адпавядае дзеючым у цяперашні час правілам беларускай арфаграфіі. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года № 420-З "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" гэта слова павінна пісацца праз літару "я" ў другім складзе – "пяцьдзясят".

Пры ажыццяўленні Нацыянальным банкам наступных заказаў на выраб новых банкнот названыя неадпаведнасці будуць ліквідаваны.

 

ІНФАРМАЦЫЯ ДЛЯ ФІЗІЧНЫХ АСОБ

У чым сэнс і задачы дэнамінацыі, як яна будзе праходзіць?

Дэнамінацыя – змяненне намінальнага кошту грашовых знакаў. Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята ў мэтах:

  1. Удасканалення грашовага абарачэння.

Наяўных грошай стане меньш – іх стане прасцей лічыць. У наяўна-грашовым абарачэнні зараз знаходзіцца 600 млн. банкнотаў узору 2000 года. Пасля правядзення дэнамінацыі стане 80 млн. банкнотаў і 400 млн. манет узору 2009 года;

  1. Спрашчэння разлікаў.

Аперыраванне лічбамі з вялікай разраднасцю складанае для ўспрыняцця большасці насельніцтва, шмат памылак пры разліках;

  1. Падтрымкі аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы.

У купюрнай будове грашовай наяўнасці ўзору 2000 года выкарыстоўваўся крок 1-5-10. У грашовых знаках узору 2009 года быў выбраны крок 1-2-5. Напрыклад: 1 рубель, 2 рублі, 5 рублёў. Мадэль гэтага кроку паспяхова выкарыстоўваецца Еўрапейскім саюзам у наяўна-грашовым абарачэнні і лічыцца аптымальнай для разлікаў.

  1. Значнага скарачэння дзяржаўных выдаткаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння.

Банкноты ў працэсе наяўна-грашовага абарачэння паступова зношваюцца (становяцца старымі), НБ РБ іх знішчае. Узамен друкуюцца новыя банкноты. Банкноты маленькіх наміналаў (100, 500 рублёў узору 2000 года) зношваюцца хутчэй за буйныя наміналы. Напрыклад, тэрмін зносу банкнотаў 100 і 500 рублёў – каля 6 месяцаў. Калі банкноты дробных наміналаў замяніць манетамі, дзяржава значна паменшыць свае выдаткі. Тэрмін фізічнага зносу манет шматразова перавышае тэрмін «жыцця» банкнотаў.

Працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар і не аказвае ўплыву на пакупніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, а таксама на ўзровень інфляцыі, які фактычна склаўся.

Да 1 ліпеня 2016 г. адзіным законным плацежным сродкам будуць з’яўляцца банкноты ўзору 2000 года, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў абарачэнні.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. уключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з’яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання без абмежаванняў у суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года.

На працягу наступных пяці гадоў – с 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – будзе ажыццяўляцца абмен банкнотаў узору 2000 года ў любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійных узнагароджанняў.

Што неабходна ведаць пра новыя грашовыя знакі

 Банкноты і манеты ўзору 2009 года валодаюць неабходнымі элементамі абароны падробкі. Распрацоўшчыкі грашовых знакаў ставілі перад сабой важную сацыяльную задачу – максімальна выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для таго, каб грамадзяне маглі дастаткова проста, без выкарыстання спецыяльнага абсталявання, адрозніваць сапраўдную банкноту ад падробленай і тым самым засцерагчы сябе ад іх выпадковага прыёму.

Да асноўных прыкмет сапраўднасці банкнот узору 2009 года адносяцца:

- вадзяны знак,

- ахоўная нітка,

- метка для людзей са слабым зрокам,

- сумяшчальная выява,

- скрытая выява,

- колерапераменная фарба (для наміналаў 200 і 500 рублёў).

Манеты ў параўнанні з банкнотамі не маюць падобных прыкмет для абароны ад фальсіфікацыі. Сапраўдныя манеты адрозніваюцца ад падробных якасцю матэрыялу і дакладнасцю выканання чаканкі. Выявы на сапраўдных манетах выразна бачны на фоне роўнай і гладкай паверхні. Сапраўдныя манеты сагнуць уручную немагчыма.

Чаму новыя банкноты 2009 года?

Падрыхтоўка да дэнамінацыі ў Рэспубліцы Беларусь заняла даволі працяглы перыяд. Новыя грашовыя знакі, якія будуць уведзены ў абарачэнне з 1 ліпеня 2016 г., былі выраблены па заказе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 2008 годзе. Аднак тады ў сувязі з аб’ектыўнымі эканамічнымі абставінамі правядзенне дэнамінацыі было адкладзена, а вырабленыя грашовыя знакі перададзены ў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.

Чаму прысвечаны дызайн новых банкнотаў?

Агульная канцэпцыя дызайна банкнотаў адпавядае дэвізу «Мая краіна – Беларусь» з адлюстраваннем помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва. Кожны намінал прысвечаны адной з абласцей Беларусі і г. Мінску. Адваротныя бакі банкнотаў прысвечаны самабытнасці кожнай з абласцей з гістарычнага і культурнага пункту гледждання (узнікненне першых паселішчаў, асветніцтва і кнігадрукаванне, паэзія, тэатр, народныя промыслы і рамёствы, навуковыя дасягненні).

Меркаванні аб падобнасці новых беларускіх банкнотаў і еўра ўзнікла ў сувязі з выпускам нашых банкнотаў прадпрыемствам DeLaRue (Англія). Гэта прадпрыемства выпускае і банкноты еўра. Новыя беларускія манеты былі адчаканены на манетных дварах Літвы (Вільнюс) і Славеніі (Крэмніца). Гэтыя прадпрыемствы чаканяць і манеты еўра.

Аднак грашовыя знакі РБ узору 2009 года валодаюць сваім унікальным дызайнам і ўсімі самымі сучаснымі ступенямі абароны.

Прыём, выдача і абмен грашовай наяўнасці ў аддзяленнях банка з 1 ліпеня 2016 года

 З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. уключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з’яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб’ектамі гаспадарання без абмежаванняў.

 Абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе:

- з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2019 г. уключна – у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь;

- з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

1 студзеня 2022 г. банкноты ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.

 Пры абмене грошай узору 2000 года на грошы ўзору 2009 года прад’яўленне пашпарта не патрабуецца, за выключэннем абмену сум, якія перавышаюць 1000 базавых велічыняў. У цяперашні час 210 млн. руб.

ТЭСТ ПА РАЗДЗЕЛЕ «ДЭНАМІНАЦЫЯ»