З «Беларусбанкам» Кітай становіцца бліжэй

«Беларусбанк», які мае багаты вопыт супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі Азіяцкага рэгіёна, гатовы арганізаваць фінансаванне праектаў у рамках Шаўковага шляху і стаць першапраходцам у галіне стварэння нябанкаўскіх арганізацый, якія прыцягваюць кітайскія інвестыцыі.

 

На хвалі глабалізацыі

Супрацоўніцтва «Беларусбанка» з фінансавымі кругамі Кітая набывае ўсё большую канкрэтыку. Усталяваны дзелавыя кантакты, знойдзены сферы ўзаемных інтарэсаў, дасягнута паразуменне па далейшых накірунках развіцця ўзаемаадносін.

Банк з’яўляецца не толькі пастаянным удзельнікам разнастайных канферэнцый і семінараў, якія праводзяцца кітайскімі партнёрамі, але і сам арганізуе падобныя мерапрыемствы. У прыватнасці, у студзені бягучага года дэлегацыя ААТ «ААБ Беларусбанк» на чале з в. а. старшыні праўлення Аляксандрам Паліўка прыняла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Эканамічны пояс Шаўковага шляху: фінансавая інавацыя і ўзаемазвязанае развіццё», якая прайшла ў горадзе Санья. Мерапрыемства было арганізавана Дзяржаўным банкам развіцця Кітая (ДБРК).

polivko«Скажу, што падобныя канферэнцыі, якія сталі штогадовымі, з’яўляюцца сур’ёзнай пляцоўкай для наладжвання дзелавых кантактаў, для абмену інфармацыяй. Менавіта так будуецца архітэктура міжбанкаўскага супрацоўніцтва, прычым на самым высокім узроўні. Да ўсяго, гэта заўсёды адкрыцці, падпітка новымі ведамі і ідэямі», — адзначыў па выніках візіту Аляксандр Паліўка.

У якасці пацвярджэння ён прывёў вынікі даследавання глабалізацыі, прадстаўленыя на канферэнцыі старшынёй Нацыянальнага інстытута даследавання фінансаў і развіцця, членам Кітайскай акадэміі сацыяльных навук Лі Янам. На яго думку, працэсы сусветнай эканамічнай, палітычнай, культурнай і рэлігійнай інтэграцыі і ўніфікацыі можна разглядаць як наступствы індустрыялізацыі.

«Глабалізацыю Лі Ян падзяляе на чатыры хвалі, — расказаў Аляксандр Паліўка. — Першая закранае перыяд да Першай сусветнай вайны, калі існавала сістэма, у якой асноўнымі пастаўшчыкамі тавару і капіталу з’яўляліся Вялікабрытанія, Францыя і Германія, а асноўнымі спажыўцамі былі залежныя ад іх краіны, калоніі. Пры другой хвалі глабалізацыі асноўным экспарцёрам і крэдыторам выступалі ЗША, а еўрапейскія краіны — імпарцёрамі. Наступным этапам стала фарміраванне палярнага свету пасля Другой сусветнай вайны з асноўным уплывам на працэс абмену таварамі і капіталам СССР і ЗША».

Нарэшце, цяперашняя, чацвёртая стадыя, на якой ні адна з краін не мае выразна акрэсленай дамінуючай ролі, рынак працы глабалізаваны. Што характэрна, па-ранейшаму актуальна тэндэнцыя перавышэння зберажэнняў над інвестыцыямі, якая намецілася яшчэ ў 90-х гадах.

 

На лагістычным скрыжаванні

«На думку кітайскага боку, удзел у канцэпцыі «Адзін пояс, адзін шлях» узмацняе пазіцыю дзяржавы, гарантуе атрыманне эканамічнага росту на чацвёртай стадыі глабалізацыі, — адзначыў Аляксандр Паліўка і патлумачыў, чаму сёння супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» з’яўляецца вельмі актуальным. — Выключная значнасць гэтага маштабнага праекту, якая мяняе эканамічную геаграфію ў свеце, не падлягае сумненню, паколькі цягне за сабой з’яўленне транспартных шляхоў і стварэнне сучаснай вытворчасці. Наша краіна ў ліку першых заявіла аб падтрымцы ініцыятывы старшыні КНР спадара Сі Цзіньпіна аб сумесным будаўніцтве эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Беларусь — гэта лагістычнае скрыжаванне. Мы знаходзімся на ключавых транспартных маршрутах, якія звязваюць Заходнюю Еўропу з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора.

Важна, што наша краіна не толькі гарантуе бяспеку гандлёвага маршруту, але і забяспечвае эканамічны пояс Шаўковага шляху высакаякаснай транспартнай інфраструктурай — чыгуначнай, аўтамабільнай і паветранай. Пляцоўка Беларусі зручная і  тым, што не толькі гарантуе транспартныя зносіны, але і максімальна набліжае вытворчасць да рынкаў збыту.

«Без эфектыўнага руху грашовых сродкаў раскрыць патэнцыял краін ШАС як лакаматыву рэалізацыі ініцыятывы Шаўковага шляху практычна немагчыма, — падкрэсліў Аляксандр Паліўка. — Улічваючы палітычную волю кіраўніцтва ўцягнутых краін, банкі павінны выкарыстоўваць любыя магчымасці для фінансавання ўзаемавыгадных праектаў».

Сустрэчы ў горадзе Санья з прэзідэнтам Дзяржаўнага банка развіцця Кітая спадаром Чжэн Чжыцзэ і віцэ-прэзідэнтам ДБРК спадарыняй Дзін Сянцюнь, а таксама з кіраўніком рабочай групы ДБРК па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь спадаром Лі Жэнганам былі сустрэчамі старых сяброў, якія чуюць і разумеюць адзін аднаго, якім ёсць што сказаць. Бакі разумеюць, што бягучы год рыхтуе мноства выклікаў і разам з тым адкрывае новыя магчымасці.

Гісторыя двухбаковага супрацоўніцтва «Беларусбанка» з Дзяржбанкам развіцця Кітая налічвае ўжо больш за пяць гадоў. Уступленне ў МБА ШАС стала тым імпульсам, які сапраўды актывізаваў узаемадзеянне паміж бакамі. Ад гэтага часу «Беларусбанк» прымае актыўны ўдзел у вырашэнні важных пытанняў міжбанкаўскага супрацоўніцтва.

 

Ад крэдытаў — да інвестыцый

Калі гаварыць пра інвестпартфель, то сёння «Беларусбанк» сумесна з ДБРК рэалізуе шэраг праектаў, адзін з якіх варта вылучыць асабліва. Гэта праект ЗТАА «Слаўкалій», які датычыцца будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу па здабычы калійных угнаенняў. На гэтыя мэты быў прыцягнуты самы буйны ў гісторыі запазычання «Беларусбанка» і айчыннай банкаўскай сістэмы ў цэлым крэдыт у памеры 1,4 млрд долараў ЗША. Першая выбарка сродкаў адбылася ў снежні 2016 года.

Сведчаннем дасягнутага ўзроўню супрацоўніцтва стала адкрыццё ДБРК у 2015 годзе крэдытнай лініі ў памеры 300 млн долараў ЗША для «Беларусбанка». Дзякуючы сумесна праведзенай рабоце беларускія кампаніі атрымалі доступ да фінансавання праектаў са сваімі кітайскімі партнёрамі. Першыя кампаніі, якія атрымалі доступ да рэсурсаў у рамках гэтай лініі, — РУП «Гроднаэнерга» і ААТ «Белшына».

Беспрэцэдэнтным стала рашэнне ДБРК аб выдзяленні «Беларусбанку» нязвязанага крэдыту ў памеры 100 млн долараў ЗША. Кітайскі фінансавы інстытут упершыню рэалізуе такі праект у Рэспубліцы Беларусь.

Зараз на тэрыторыі нашай краіны вядзецца работа па будаўніцтве індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Гэты праект адыгрывае ключавую ролю ў інтэграцыі Беларусі ў эканамічны пояс Шаўковага шляху. Старшыня КНР спадар Сі Цзіньпін назваў індустрыяльны парк «жамчужынай на Шаўковым шляху».

«Праект валодае шэрагам асаблівасцей, ён стаў не проста кітайска-беларускім, а ў шырокім сэнсе міжнародным праектам, прыняць удзел у якім імкнуцца кампаніі з розных краін, — лічыць кіраўнік «Беларусбанка». — Сёння ў парку ідзе актыўнае стварэнне так званага сухога порта і комплекснага лагістычнага цэнтра».

Беларусь і Кітай рэалізуюць рад паспяховых сумесных інвестпраектаў у галіне прамысловасці. Гэта сумесныя вытворчасці: шматвосевых калёсных цягачоў і шасі рознага прызначэння на СП «Санцзян-Волат кампанія Лтд.»; бытавой тэхнікі на базе беларуска-кітайскага СП «Мідэа-Гарызонт»; кормаўборачнай тэхнікі на СП «Харбін Дунцзінь Гомель прадпрыемства сельскагаспадарчага машынабудавання»; энерганасычаных трактароў на СП «Харбін Дунцзінь Мінск Трактар Ко.». Нельга не ўзгадаць і сумесную вытворчасць у Беларусі легкавых аўтамабіляў у СЗАТ «БЕЛДЖЫ».

У цэлым беларускі інвестпартфель Паднябеснай, прафінансаваны за кошт крэдытных рэсурсаў кітайскіх банкаў і ўрада, — гэта больш за 30 праектаў на агульную суму каля 6 млрд долараў ЗША.

На якасна новы ўзровень беларуска-кітайскія двухбаковыя адносіны перайшлі ў верасні 2016 года, адзначыў пасол Рэспублікі Беларусь у КНР Кірыл Руды. Тады па выніках візіту ў Кітай прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі быў устаноўлены новы, асаблівы ўзровень двухбаковых адносін — давернае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, што зафіксавана ў падпісанай сумеснай дэкларацыі.

2017 год абяцае стаць своеасаблівай вяхой у развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, паколькі звязаны з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай.

«Беларусбанк», які мае багаты вопыт супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі Азіяцкага рэгіёна, гатовы прапанаваць новыя формы і механізмы далейшага ўзаемадзеяння, напрыклад удзел у стварэнні рэгіянальных нябанкаўскіх арганізацый.

«Асаблівая ўвага будзе надавацца пераходу ад прыцягнення звязаных крэдытных рэсурсаў да прыцягнення прамых інвестыцый. У гэтым накірунку ўжо зроблены першы крок: у найбліжэйшы час будзе рэалізавана дамоўленасць аб стварэнні на тэрыторыі Беларусі сумесна з кітайскай «Сіцік Груп» інвестыцыйнага фонду. Нягледзячы на адлегласць, Кітай становіцца бліжэй», — сказаў кіраўнік «Беларусбанка».