Інтэрв'ю з кіраўніком
14.02.2017

Разумныя інвестыцыі: як выбраць і купіць аблігацыі

Сярод даступных у Беларусі інвестыцыйных інструментаў найбольш папулярнымі як у насельніцтва, так і ў юрыдычных асоб у апошнія гады традыцыйна з’яўляюцца банкаўскія дэпазіты. Але сённяшнія рэаліі такія, што інвестарам прыходзіцца шукаць новыя магчымасці для павелічэння сваіх зберажэнняў. Акрамя дэпазітаў на развітых фінансавых рынках у якасці інвестыцый шырока выкарыстоўваюцца каштоўныя паперы. Наша краіна не выключэнне, у Беларусі расце інтарэс да аблігацый, якія выпускаюць на рынак дзяржава і прыватныя кампаніі.

margarita_lukashenko– Аблігацыя – гэта даўгавая каштоўная папера, якая адлюстроўвае адносіны пазыкі паміж інвестарам і эмітэнтам, – тлумачыць дырэктар дэпартамента інвестыцый і каштоўных папер ААТ «ААБ Беларусбанк» Маргарыта Лукашэнка. – Прасцей кажучы, аблігацыя – гэта доўг. Выпускаючы аблігацыі, кампанія займае грошы і абавязваецца з цягам часу вярнуць іх уладальніку аблігацыі з працэнтамі. Для кампаніі выпуск аблігацый – гэта адзін са спосабаў прыцягнуць грошы для свайго развіцця.

Для непрафесіянала выбар канкрэтнай каштоўнай паперы можа быць не заўсёды простым. Аднак пры абмежаванай прапанове каштоўных папер на фінансавым рынку выбраць інструмент для інвестыцый не так ужо складана.

Існуе набор стандартных крытэрыяў для ацэнкі і выбару аблігацый. Пры куплі такіх каштоўных папер неабходна звярнуць увагу на тры асноўныя моманты:

- канчатковы тэрмін пагашэння – дату, калі кампанія назад выкупляе аблігацыі ў інвестараў, выплачваючы ім намінальны кошт аблігацыі;

- умовы выплаты працэнтаў па аблігацыях – звычайна памер даходу выражаецца ў працэнтах ад намінальнай вартасці аблігацыі і паказвае гадавую даходнасць;

- надзейнасць пазычальніка.

Уся тэхнічная інфармацыя аб выпуску ў дастаткова сціслым і зразумелым выглядзе ўтрымліваецца ў праспекце эмісіі аблігацый, які можна знайсці на інтэрнэт-сайце кампаніі-пазычальніка або на дзяржаўным інтэрнэт-рэсурсе – Адзіным партале фінансавага рынку. Надзейнасць эмітэнта (які выпускае, – заўв. рэдакцыі) аблігацый можа быць падмацавана прадастаўленнем забеспячэння, якое фактычна выконвае функцыю закладу. Акрамя таго, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь прад’яўляе жорсткія патрабаванні да фінансавага становішча эмітэнтаў і забяспечанасці аблігацыйных пазык.

– Зараз на беларускім рынку каштоўных папер абарачаюцца як дзяржаўныя, так і прыватныя аблігацыі. Дзяржаўныя, у беларускіх рублях і замежнай валюце, рэгулярна выпускаюцца Міністэрствам фінансаў і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, Мінфін з 18 студзеня 2017 года прыступіў да размяшчэння чарговых выпускаў дзяржаўных аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, – удакладняе Маргарыта Лукашэнка.

Што датычыцца карпаратыўных аблігацый, то ў нашай краіне прыватныя інвестары ўжо не першы год карыстаюцца гэтым фінансавым інструментам. Так у 2015 годзе практычна адначасова тры буйныя кампаніі прапанавалі свае аблігацыі насельніцтву. Гэта тэндэнцыя працягвалася і ў 2016 годзе, якая плаўна перайшла ў год бягучы. У студзені 2017 года паспяхова завершылася размяшчэнне аблігацый медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ», які выйшаў на рынак з пробным выпускам на 0,5 млн долараў ЗША. А ўжо 7 лютага ў абарачэнне выходзяць аблігацыі кампаніі «Еўраопт» на суму 8 млн долараў ЗША з даволі ўражальнай даходнасцю на ўзроўні 10,5% гадавых.

У 2016 годзе ААТ «ААБ Беларусбанк» вывела на рынак новы прадукт, які не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах СНД – Інтэрнэт-аблігацыі, намініраваныя ў доларах ЗША, са стаўкай даходу 5% гадавых, што вышэй даходнасці большасці безадзыўных дэпазітаў, якія прапануюць беларускія банкі фізічным асобам. Сярод адчувальных пераваг – купіць Інтэрнэт-аблігацыі можна не выходзячы з дома, у любы зручны час, пры набыцці не спаганяецца камісія, набыць іх можна і за валюту, і за беларускія рублі (у залежнасці ад таго, якая ў вас плацежная карта), даход па аблігацыях не абкладаецца падаходным падаткам. Невысокі намінал адной Інтэрнэт-аблігацыі «Беларусбанка» – усяго 100 долараў ЗША – робіць іх даступнымі шырокаму колу прыватных інвестараў. А забеспячэнне гэтых аблігацый залогам дзяржаўных каштоўных папер параўнальная з наяўнасцю дзяржаўнай гарантыі.

– Укладанне сродкаў у аблігацыі ўжо не з’яўляецца для беларусаў чымсьці незвычайным і новым. Многія выпускі каштоўных папер раскупляюць ужо ў першыя дні з моманту іх з’яўлення на рынку, – адзначае Маргарыта Лукашэнка. – Згодна з данымі Мінфіна, у 2016 годзе сярод насельніцтва размешчаны ўнутраныя рублёвыя і валютныя дзяржаўныя аблігацыі на суму, якая перавышае 70  млн долараў ЗША. Гэта гаворыць аб тым, што попыт сярод інвестараў на падобны інструмент зберажэння ёсць і працягвае расці.

Сёння кліенты банка маюць магчымасць сфарміраваць уласны інвестыцыйны партфель, уключыўшы ў яго, акрамя аблігацый «Беларусбанка», дзяржаўныя каштоўныя паперы, а пры жаданні і карпаратыўныя аблігацыі.

– Хацелася б адзначыць, што ААТ «ААБ Беларусбанк» і УП «АСБ Брокер», якое ўваходзіць у банкаўскі холдынг, аказваюць поўны комплекс паслуг па набыцці дзяржаўных і карпаратыўных аблігацый юрыдычным і фізічным асобам, – расказвае Маргарыта Лукашэнка. – Для набыцця аблігацый дастаткова заключыць дагавор на брокерскае абслугоўванне, адкрыць рахунак «дэпа» ў дэпазітарыіі ААТ «ААБ Беларусбанк», унесці грашовыя сродкі і аформіць даручэнне на набыццё аблігацый. Заключыць дагавор на брокерскае абслугоўванне і адкрыць рахунак «дэпа» можна ў любым з 23-х дэпазітарных цэнтраў банка або ў кампаніі «АСБ Брокер».

Акрамя таго, спецыялісты «Беларусбанка» валодаюць адпаведнымі кампетэнцыямі, каб прапанаваць як дзяржаўным, так і прыватным кампаніям паслугі па арганізацыі выпуску і размяшчэння аблігацый. Спецыялісты банка дапамогуць распрацаваць неабходную дакументацыю, падабраць аптымальныя для эмітэнта параметры аблігацый (перш за ўсё гаворка ідзе пра аб’ём эмісіі і працэнтную стаўку). А самая вялікая ў Беларусі філіяльная сетка, якая ўключае ў сябе больш за 130 кропак брокерскага абслугоўвання, дазволіць зрабіць аблігацыі даступнымі для пакупнікоў з любой кропкі нашай краіны.