Інтэрв'ю з кіраўніком
15.06.2016

Фінансавыя традыцыі па- кітайску

Китай 1

«Нікчэмны метал» або «пятая стыхія», слуга ці гаспадар, «выкаваная з золата свабода» або інструмент рабства — адносіны да грошай у розных народаў фарміруюцца рэлігійным і гістарычным вопытам, асаблівасцямі менталітэту і нацыянальнай культуры. Можна жартаваць над скупасцю французаў і марнатраўствам італьянцаў, практычнасцю немцаў і беражлівасцю яўрээў, але пры ўдумлівым падыходзе ў любога народа можна знайсці шмат карысных фінансавых традыцый. Аб тым, як устроены фінансавы свет Паднябеснай расказвае Кіраўнік прадстаўніцтва ААТ «ААБ Беларусбанк» у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Уладзімір Далідовіч.

«Залатая сярэдзіна», інвестыцыі ў імідж і мільянеры з пластыкавымі пакетамі

Кітай мае шматтысячагадовую гісторыю, у якой былі перыяды падзенняў і ўзлётаў, застою і росквіту. Аднак нягледзячы на даволі працяглыя «залатыя» эпохі ў жыцці Паднябеснай, асноўная маса насельніцтва жыла адносна бедна ў параўнанні нават з найбліжэйшымі суседзямі, што не магло не адбіцца на грашовай культуры.

З аднаго боку, кітайцы ставяцца да грошай са святым трапятаннем, амаль як да бажаства, чаму ёсць нямала пацвярджэнняў у паўсядзённым жыцці. Справа ў тым, што адсутнасць адзінай рэлігіі з адпаведнымі маральнымі імператывамі спарадзіла і даволі практычны падыход да рэлігійных практык: кітайцы ахвотна ўшаноўваюць Буду і іншых багоў, у залежнасці ад штодзённых патрэб. Як сказаў адзін прагматычны жыхар Паднябеснай: «Я веруючы, калі мне гэта выгадна». Акрамя таго, многія дзесяцігоддзі багаборніцкіх практык пакінулі пэўны вакуум у духоўным жыцці сучасных кітайцаў, які хутка запаўняецца «жоўтым д’яблам» нажывы.

З іншага боку, грошы не з’яўляюцца самамэтай.

Сучасныя жыхары КНР выйшлі з аднаго «камуністычнага» шыняля, калі на працягу многіх дзесяцігоддзяў асноўная маса насельніцтва жыла аднолькава бедна. Працэс фарміравання больш забяспечанага сярэдняга класа пачаўся толькі з рэформ Дэн Сяопіна ў 1979 годзе. Паміж даходамі найбагацейшага і найбяднейшага слаёў насельніцтва па­ранейшаму існуе вялізны разрыў, таму залішняе багацце, як і паказная беднасць не ўхваляюцца. Ва ўсім патрабуецца захаванне «залатой сярэдзіны».

Так, кітайскія мільянеры стараюцца апранацца даволі сціпла — ледзь не ў старыя джынсы «бабуліны» світары, раз’язджаючы пры гэтым на «ферары» ці «бэнтлі» апошняй мадэлі з кіпай наяўных у цэлафанавым пакеце з супермаркета. А кітайскія жабракі групіруюцца недалёка ад месцаў пражывання замежнікаў: суайчыннікі не настолькі шчодрыя на міласць, як еўрапейцы і амерыканцы.

Яшчэ адзін паказальны прыклад. Калі ў некаторых гарадах КНР сталі ўстанаўліваць кантэйнеры для збору былой ва ўжыванні вопраткі для малазабяспечаных людзей, прадстаўнікі так званага «сярэдняга класа» не спяшаліся да іх сярод белага дня. Ёмістасці запаўняліся ў асноўным глыбокай ноччу, паколькі заможныя кітайцы саромеліся прылюдна выкідваць адзенне і абутак, каб лішні раз не дэманстраваць заможнасць.

Трэба адзначыць, што кітайцы — вялікія майстры «захоўваць твар». Прычым не толькі свой, але і кампаніі. Многія фірмы прадастаўляюць супрацоўнікам, якія працуюць з кліентамі, беспрацэнтныя пазыкі на набыццё адзення, абутку і аксэсуараў вядомых брэндаў дзеля таго, каб работнікі выглядалі «заможна». Падобныя выдаткі прыраўноўваюцца да інвестыцый у імідж, а дэманстрацыя багацця і  статуснасці адпавядае перакананню жыхароў Паднябеснай у тым, што «грошы прыцягваюць яшчэ большыя грошы».

Не лічыцца марнатраўствам, прычым як сярод дам, так і сярод мужчын, наведванне СПА­комплекса (сфера паслуг па абаротах даўно абагнала рэальны сектар эканомікі), адпачынак у экзатычнай краіне (у мінулым годзе ў турыстычныя паездкі за межы КНР накіравалася звыш 100 млн кітайцаў) або набыццё другой або трэцяй кватэры. А пачаставаць сяброў абедам увогуле свяшчэнны доўг!

Дарэчы, ежа ў Паднябеснай — штосьці падобнае да культа і свяшчэннадзейства. Наведваць кафэ і рэстараны ў адзіночку не прынята. Чым большая кампанія — тым лепш. Асобны кабінет, круглы стол, вызначаная мінімальная колькасць страў (у залежнасці ад тыпу застолля), шумная весялосць — усё гэта абавязковыя атрыбуты калектыўнага абеду ці вячэры, на якіх будуць прысутнічаць як сябры, так і сваякі. Пры гэтым кітайцы цудоўна абыходзяцца без кроплі алкаголю.

Канешне, уласных сродкаў на такія расходы можа не хапіць. І тут на дапамогу прыходзіць сям’я — ключавы інстытут кітайскага грамадства пасля дзяржавы. Кланавасць развіта ў Паднябеснай настолькі моцна, што часам пачынае тармазіць рэформы і з ёй прыходзіцца змагацца таксама, як і з карупцыяй.

Фінансавыя адносіны ў кругу традыцыйнай кітайскай сям’і істотна адрозніваюцца ад ладу заходняга грамадства.

Так, грошы, пазычаныя ў бацькоў, не лічацца пазыкай. Пры ажыццяўленні буйной пакупкі, напрыклад жылля, усе родныя аказваюць пасільную дапамогу маладой сям’і па ўзносе авансавага плацяжу для набыцця нерухомасці. Як правіла, гэта 30% ад кошту дома. На астатнюю суму маладая сям’я бярэ іпатэчны крэдыт, бо згодна з існуючай традыцыяй мужчына павінен прывесці жонку ў свой дом або асобную кватэру.

Кітайцы могуць пазычаць у родных і невялікія сумы на якія-небудзь буйныя пакупкі. Але такая практыка не вельмі распаўсюджана ў сілу наяўнасці ў сучаснай КНР моцнай фінансавай сістэмы, пра якую неабходна ўзгадаць асобна.

Інтэрнэт­фінансы, пенсіянеры­інвестары і вёскі Юебао

Банкаўская сістэма КНР — прамая копія савецкай з буйнымі спецыялізаванымі банкамі: ашчадным, сельскагаспадарчым, а таксама гандлёва-прамысловым, экспартна­імпартным і г.д. У апошнія 40 гадоў яна перажывае кардынальныя перамены. З’яўляюцца банкі трэцяга і чацвёртага ўзроўню — рэгіянальныя, гарадскія, крэдытныя кааператывы і г.д. І ўсё ж рэформы банкаўскай галіны не паспяваюць за шалёным тэмпам жыцця Паднябеснай.

Інтэрнэт­фінансы — новы франтыр інавацый, паспяхова рэалізуемых у КНР, прычым хутчэй, чым у якой-небудзь іншай дзяржаве свету. Калі працэнтныя стаўкі па дэпазітах апусціліся ніжэй за адзін працэнт гадавых, а банкі не змаглі прапанаваць годную замену высокарызыковым каштоўным паперам і траставым прадуктам, на фінансавы рынак краіны ўварваліся кампаніі­наватары, якія раней прадастаўлялі паслугі электроннага гандлю таварамі і паслугамі праз Інтэрнэт. Цяпер любы кітаец, які мае рахунак у банку, можа  завесці электронны кашалёк, праз які не толькі аплачваюцца тавары і паслугі,  але нават ажыццяўляюцца інвестыцыі ў паевыя фонды і іншыя высокадаходныя інструменты. Канешне, гэта звязана з пэўнымі рызыкамі. Нядаўнія навіны пра абрушэнне адной з найбуйнейшых фінансавых пірамід у Паднябеснай, якая закранула ўклады і лёсы мільёнаў людзей, пахіснулі ўпэўненасць у заўтрашнім дні аматараў высокіх даходаў ад аперацый на электронных біржах. Але ні абвал фондавых біржаў, які летам 2015 года «спаліў» звыш 15 трлн юаней у асноўным рознічных укладчыкаў, ні негатыўныя навіны пра махінацыі нячыстых на руку дзялкоў не могуць спыніць бурнае развіццё новых фінансавых рынкаў і прадуктаў.

Да прыкладу, банкі Кітая ў сілу зарэгуляванасці ў апошнія гады былі не ў стане забяспечыць крэдытную падтрымку як пакупніцкага попыту, так і развіцця эканомікі. І тут на дапамогу прыйшло пірынгавае крэдытаванне — сістэма прадастаўлення ссуд без банкаў у якасці пасярэднікаў. На базе электронных інтэрнэт­платформ сустракаюцца попыт на крэдытныя рэсурсы і прапановы ад прыватных крэдытораў. У выніку і тыя, і другія задавальняюць свае патрэбы без удзелу традыцыйных банкаў.

Нельга абыйсці ўвагай пытанне зберажэнняў у Кітаі. Трэба адзначыць, што наперакор выдаткам на «прыгожае жыццё», аб якіх ішла гаворка вышэй, жыхары Паднябеснай адрозніваюцца беражлівасцю і за жыццё накапліваюць даволі прыстойныя станы.

Але тут узнікае пытанне, як ім гэта ўдаецца? Традыцыйная сістэма банкаўскіх укладаў даўно стала непрывабнай у сілу стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкіх ставак па дэпазітах, якія не адпавядаюць узроўню інфляцыі. Таму рознічны капітал накіраваўся да такіх інструментаў, як каштоўныя паперы, паевыя фонды і, канешне, нерухомасць. Ды і па куплі жоўтага металу і каштоўных камянёў, да якіх у тым ліку адносяць нефрыт, Кітаю няма роўных. Лепшы доказ прагматычнасці і гібкасці жыхароў Паднябеснай у адносінах да зберажэнняў сродкаў — той факт, што асноўным рознічным фондавым інвестарам у Кітаі выступае не «бельгійскі дантыст» (так называюць «белых каўняроў» з сферы паслуг), а «цётачка» — жанчына на пенсіі, якая актыўна інвесціруе ў каштоўныя паперы як свае зберажэнні, так і даходы ўсіх членаў сям’і, віртуозна гуляе на біржах і расплачваецца ў супермаркеце і парыкмахерскай электронным кашальком папулярнейшай сацыяльнай сеткі «Вічат». А яшчэ зусім нядаўна такія «цётачкі» трымалі накапленні пад матрацам або ў шкляных банках. Нічога не нагадвае?..

(Пра вёскі Юебао і чырвоныя канверты чытайце ў працягу матэрыяла ў часопісе «PRO Беларусбанк» № 1 /ru/press/29432)