Інтэрв'ю з кіраўніком
01.06.2016

Барацьба не за мяч, а за агульны вынік

Трымацца прынцыпаў fairplay1, заставацца камандай з Лігі чэмпіёнаў – крэда «Беларусбанка». Аб тым, дзякуючы чаму гэта ўдаецца, мы размаўляем з выканаўчым дырэктарам Наталляй САКАЛОВАЙ.

 sokolova

— Гадавая справаздача «Беларусбанка», у стварэнні якой вы прымаеце ўдзел — ад распрацоўкі канцэпцыі да напаўнення кожнага раздзела, у бягучым годзе выканана ў спартыўнай стылістыцы. Ці выпадковая асацыяцыя банкаўскай дзейнасці са спортам, дзе дасягненні — плён доўгай і руплівай працы, а не выпадковасць?

— Невыпадкова па дзвюх прычынах. Па-першае, наш банк выступае генеральным партнёрам шэрагу спартыўных асацыяцый. А паралелі, якія праведзены ў гадавой справаздачы паміж некаторымі відамі спорту і напрамкамі банкаўскай дзейнасці, адлюстроўваюць удзел банка ў рознага кшталту спартыўных падзеях і мерапрыемствах.

Па-другое, канкурэнцыю ў банкаўскай сферы зараз можна параўнаць са спартыўнай. Важна не проста, хто стане лідарам на фінішы, а пры дапамозе чаго ён гэта робіць. Важныя і падрыхтоўка, і экіпіроўка.

— У спорце правілы гульні вызначаны загадзя, таму трэніроўкі дапамагаюць спартсменам падтрымліваць неабходную форму і загадзя прадумаць стратэгію. У свеце бізнесу ўмовы пастаянна мяняюцца. Што дапамагае банку «трымаць удар»?

— Роўна тое ж, што і ў спорце. Скажу як былы спартсмен: перад тым як выйсці на пляцоўку, вывучаеш суперніка —  ігракоў асноўнага саставу, тактыку вядзення гульні, моцныя і слабыя бакі. Акрамя таго, трэнер, які вядзе каманду, ведае канкурэнтныя перавагі сваіх ігракоў, іх магчымасці і, вядома, недахопы. У бізнесе гэтыя ж даныя пра кампанію ўваходзяць у так званы SWOT­аналіз. 

Калі праводзіць аналогію далей, у спорце прыёмы, якія выкарыстоўвае супернік, могуць мяняцца вельмі хутка. Яны ніколі не застаюцца «застылымі» нават у рамках аднаго пула спаборніцтваў ад гульні да гульні. У банкаўскай дзейнасці адбываецца абсалютна тое ж самае. Усё вызначаюць тактыка і хуткасць рэагавання. Калі хтосьці з канкурэнтаў выйшаў на рынак з адным прадуктам, мы павінны прапанаваць іншы, інакш згубіш кліента.

— Некаторыя фінансавыя аналітыкі параўноўваюць крэдыты, якія прыцягваюцца для айчыннай эканомікі, у тым ліку пры актыўным удзеле «Беларусбанка», з допінгам, без якога краіне складана паказаць высокія эканамічныя вынікі. А што вы маеце сказаць наконт гэтага?

— На мой погляд, гэта не допінг, а вітаміны. Любы спартсмен, трэнер, ды ў прынцыпе любы чалавек, ведае, наколькі важна іх прымаць для падтрымання арганізма. Каб гарманічна развівацца, быць больш моцным, хуткім, працаздольным. Але любая дапамога можа быць аказана з перадазіроўкай: калі прымаеш вітаміны ў большай колькасці, чым патрэбна, нічога добрага не атрымаецца.

Тое ж самае справядліва і ў дачыненні да крэдытаў. Ва ўсіх краінах свету існуе дзяржаўная падтрымка, асабліва ў адносінах да аграпрамысловага комплекса. Але калі аказваць яе ў няправільнай форме і не ў тым аб’ёме, галіна, якой дапамагаюць, можа развівацца неналежным чынам. Праяўляць утрыманскія настроі. Тады крэдыты становяцца допінгам, а не вітамінамі.

— Праграма падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу — добры пас пачынаючым на сучасным бізнес­полі ігракам. Але без гатоўнасці яго прыняць развіцця гульні не будзе. На ваш погляд, чаго пакуль не стае беларускім бізнесменам?

— Яшчэ раз прывяду прыклад са свайго спартыўнага вопыту. Гандбол, якім я займалася, — камандная гульня, дзе кожны дзейнічае на сваёй пазіцыі: вуглавога, разыгрываючага, лінейнага і гэтак далей. Але калі праціўнік губляе мяч на тваёй тэрыторыі, а твой шустры калега, ацаніўшы сітуацыю, бяжыць да варот суперніка, можна паслаць мяч яму «ў адрыў» і забіць гол. Такія ўдачы здараюцца нячаста, трэба ўмець хутка ацэньваць прадстаўленыя магчымасці, прымаць рашэнне і  адыгрываць да канца.

Зараз дзяржава праводзіць работу, каб сабраць «на полі» тых самых ігракоў, гатовых «пабегчы ў адрыў» і атрымаць пас. Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, якія ў многіх краінах складаюць аснову эканомікі, проста не могуць дзейнічаць па-іншаму. Іх сіла ў хуткасці прыняцця рашэнняў і мабільнасці. На мой погляд, беларускім бізнесменам у сферы малога і сярэднага звяна не хапае менавіта гэтага. Аднак падрастае новае пакаленне, якое ўжо ўсведамляе ўсе перавагі гэтага сектара экіномікі і гатова працаваць у гэтым накірунку: «атрымаць пас і забіць гол».

— Калектыў «Беларусбанка» — зладжаная каманда. Але калі глядзець пад іншым вуглом, ён у той жа час выступае ў складзе адзінай каманды сістэмаўтваральных крэдытна-фінансавых устаноў. Ці складана захоўваць баланс паміж інтарэсамі кліентаў і дзяржавы як уласніка банка?

— Гэта пытанне ўнутрыкаманднай культуры: як ігракі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, ці паважаюць адзін аднаго. Бо бессэнсоўна змагацца за мяч, калі гуляеш у адной камандзе. На полі важна выразна адыгрываць камбінацыі і своечасова дапамагаць адзін аднаму, дзеля канчатковай мэты — «гола».

Банк часта ідзе насустрач кліентам пры рашэнні шэрагу пытанняў, а кліенты адказваюць лаяльнасцю. Гэта называецца сістэмай кліенцкіх узаемаадносін, якой у банках надаецца першаснае значэнне. Што датычыцца сістэмы ўзаемаадносін з дзяржавай, то, як правіла, яны выразна і празрыста рэгламентуюцца адпаведнымі нарматыўнымі актамі,  якія на стадыі распрацоўкі ўзгадняюцца з усімі арганізацыямі, якія ўцягваюцца ў гэты працэс. Таму і тут рашэнні прымаюцца на прынцыпах «баланса інтарэсаў».

— Экіпіроўка спартсмена — важны складнік поспеху.
Для банка яе ролю выконваюць высокія тэхналогіі. Як вы ацэньваеце іх значнасць для развіцця «Беларусбанка» ў эпоху інавацый?

— У сучасным спорце экіпіроўка мае першаснае значэнне. Трэба гэта ўсведамляць і імкнуцца атрымаць лепшае, што распрацавана на бягучы момант. Ад таго, наколькі хутка гэта будзе зроблена, у многім залежыць канчатковы вынік. Прыкладам таму могуць служыць касцюмы для плавання.  

Сёння IT­сфера развіваецца па экспаненце. І з улікам гэтага ўжо ёсць сумненні, што банкаўская сфера застанецца ў той форме, як яна выглядае і арганізавана сёння. Важна гэта разумець, не чакаць наступлення «светлага будучага», а рыхтавацца да такіх пераўтварэнняў, укараняць тэхнічныя і тэхналагічныя інавацыі, у тым ліку «гуляючы на апярэджанне». 

Мы дзейнічаем у адпаведнасці з мудрасцю «спяшайся поволі». Спакойнае ўспрыняцце ноу­-хау, вывераныя паводзіны ў гэтым плане — больш правільная стратэгія для любой буйной арганізацыі, бо надта вялікая цана пралікаў, і фінансавых, і рэпутацыйных.

— У спорце балельшчыкі застаюцца вернымі той ці іншай камандзе гадамі, часам нягледзячы на яе рэальныя дасягненні. На вашу думку, хіба можна і трэба фарміраваць такі звышлаяльны пул кліентаў банка або лепей змагацца за больш шырокі ахоп не такой лаяльнай аўдыторыі…

 

1 Звод этычных і маральных законаў, заснаваных на ўнутраным перакананні індывідуума аб высакароднасці і справядлівасці ў спорце. Прынцыпы fairplay уключаюць у сябе павагу да суперніка, павагу да правіл і рашэнняў суддзяў, адмову ад допінгу, самакантроль  і г.д.

  (Заканчэнне інтэрв’ю ў часопісе «PRO Беларусбанк» № 2, /site_ru/31676/Belarusbank_sait.pdf)