Інтэрв'ю з кіраўніком
27.08.2015

У кантэксце патрабаванняў часу

Малы і сярэдні бізнес абвешчаны прыярытэтам айчыннай эканомікі, як мінімум, на бліжэйшыя 5 гадоў. Такая заява паступіла з міністэрства эканомікі. Уклад прыватнага прадпрымальніцтва ў нарошчванне экспартнага патэнцыялу краіны і павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі ва ўмовах глабалізацыі і нарастання міжнароднай канкурэнцыі абавязаны быць больш важкім, і гэтаму сектару эканомікі варта надаць большы дынамізм.

Разумеючы важнасць і сацыяльную значнасць суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу для краіны, у іх падтрымку і пашырэнне доступу да фінансавых рэсурсаў «Беларусбанк» распрацаваў максімальна прывабныя крэдытныя прадукты, якія прадугледжваюць найбольш спрыяльныя на рынку ўмовы для дадзенага сектара.

Аб праграме падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу расказвае намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» АлЯксандр ПАЛІЎКА.

 

- Аляксандр Іосіфавіч, агульнапрызнана, малы і сярэдні бізнес – частка эканомікі, якая развіваецца найбольш дынамічна. І тым не менш, узровень яго развіцця ў нашай краіне пакідае жадаць лепшага. Наколькі важная і своечасовая стаўка на гэты сегмент?

 

- Сапраўды, гэтаму сектару эканомікі ўвагі надавалася недастаткова. Некалькі лічбаў. У развітых краінах Еўрасаюза доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП перавышае 60%, а ў Японіі 70%. Значыць, чым вышэй эфектыўнасць, тым вышэй доля МСБ. У Расіі лічба выглядае больш сціпла – 21%, у нас і таго меней – толькі 15%. Сёння стаіць задача давесці да канца 2015 года долю малых і сярэдніх прадпрыемстваў у ВУП да 30%, для чаго неабходны комплексныя меры. 

У сучаснай эканоміцы рост валавога ўнутранага прадукта любой краіны знаходзіцца ў цеснай карэляцыйнай сувязі з узроўнем агульнай прадпрымальніцкай актыўнасці, якая склалася ў ёй. І таму абсалютна справядліва, што гэты сектар эканомікі патрабуе акцэнтавання ўвагі. Нам сённня неабходна актывізацыя развіцця бізнесу, перш за ўсё, у рэальным сектары эканомікі, пранікнення яго суб’ектаў ва ўсё новыя сферы і віды дзейнасці, інвеставання сродкаў прыватных кампаній у перспектыўныя інавацыйныя праекты.

 

- А можа ў нас свой шлях, і стаўку варта рабіць на маштабны бізнес? У чым значнасць МСБ для дзяржавы і чалавека?

 

- Усё даволі проста. Для эканомікі – гэта павышэнне дзелавой актыўнасці асобных груп насельніцтва, стварэнне новых рабочых месцаў, рост інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці. Гэта занятасць, даходы, падаткі, дабрабыт. Гэта рост ВУП, канкурэнтная серада. Малы і сярэдні бізнес здольны дынамічна падладжвацца пад эканамічныя выгады. Прадпрымальніцкая жылка падобна лакаматыву магла б выцягнуць эканоміку на больш сур’ёзны ўзровень. Для чалавека – гэта магчымасць забяспечыць сябе і сваю сям’ю, гарантыя дастойнага ўзроўню жыцця, адсутнасць страху страціць працу, пазітыўны настрой грамадства. Гэта самарэалізацыя, наканец.

 

- Што перашкаджае развіццю малога і сярэдняга бізнесу?

 

- У Беларусі ніякіх праблем няма з адкрыццём уласнай справы, з рэгістрацыяй, ліцэнзіраваннем і іншае. Так што на дакоры песімістаў аб неабходнасці паляпшэння бізнес-клімату заўважу, што адкрыць лягчэй, чым у Маскве ці Варшаве. Іншае пытанне, што не ўсякі чалавек гатоў займацца ўласнай справай. Пагадзіцеся, дзесяцігоддзямі у нашай краіне  дух прадпрымальніцтва не заахвочваўся, не было неабходнасці змагацца за выжыванне, шукаць эканамічныя выгады. Такі быў грамадскі ўклад. Сёння мы ўсе разам павінны пабудаваць дарожную карту на развіццё прадпрымальніцтва. І пачынаць трэба з юнага ўзросту. Курсы кройкі і шыцця ў якасці школьнага факультатыва можа і добрыя для набыцця практычных навыкаў, але не менш важная фінансавая граматнасць, разуменне сваёй эканамічнай абароненасці ў прагматычным і жорсткім свеце. Гэта не значыць, што ўсе павінны стаць прадпрымальнікамі і ўсе адносіны будаваць толькі на грашах, але добра ведаць, што грошы павінны быць зароблены. І ў гэтым кантэксце вельмі актуальныя крокі Нацыянальнага банка, якія поўнасцю падтрымліваюцца нашым банкам, па павышэнні фінансавай граматнасці.

 

- Падтрымка суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу – гэта пэўная рызыка. Як вызначыць, наколькі паспяховым можа стаць стартап? Ці варта крэдытаваць той ці іншы праект? Пытанняў шмат. І ўсё ж курс узяты. Гэта ёсць патрабаванне часу?

 

- Што датычыцца нашага банка, пытанне стымулявання МСБ наспявала даўно. У сілу патрабаванняў часу мы ўдзельнічалі ў маштабных праектах – цэментныя заводы, дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка, актыўна супрацоўнічалі з прамысловымі гігантамі. Урад бачыў нас на гэтых праектах, па ўроўню капіталу, маштабу дзейнасці, разгалінаванай сеткі, патэнцыялу супрацоўнікаў менавіта яны былі нам пад сілу. І гэта ў той час як 70% кліенцкай базы – прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. Аналітыкі і рызыкоўцы звярталі ўвагу на неабходнасць дыверсіфікацыі бізнесу. Старая ісціна: не кладзіце яйкі ў адзін кошык!

 

Павінен прызнаць, што паспяховыя праекты ў дадзеным сектары эканомікі былі, прычым у розных галінах ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Мы гадавалі сваіх кліентаў. Да сур’ёзнага бізнесу развілася не адна кампанія. Напрыклад, завод па вырабе будматэрыялаў у Магілёўскім раёне, транспартная кампанія ў Дзяржынску, фірма «АВС», шэраг фермерскіх гаспадарак, прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці. Аднак выразна разумелі, што мы ў пэўнай ступені губляем сваіх кліентаў, адсутнічала дыверсіфікацыя бізнесу, што нясе пэўныя рызыкі. Сёння маем Праграму падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Магу запэўніць, што аналагаў ёй у Беларусі няма. Акрамя таго, што яна пабудавана на комплексным падыходзе, мы стварылі максімальна спрыяльныя ўмовы па крэдытных прадуктах.

 

- Вось тут хацелася б падрабязней. У чым сутнасць праграмы ўзаемадзеяння банка з суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу?

 

- Мэта праграмы – развіццё актыўнай кліентаарыентаванай мадэлі вядзення бізнесу. Гэта патрабуе мадэрнізацыі банкаўскіх прадуктаў і паслуг, рэінжынірынгу бізнес-працэсаў, павышэння стандартаў абслугоўвання. Але самае важнае – гэта даступнасць рэсурсаў. І банк сапраўды прапануе максімальна прывабныя і адаптаваныя крэдытныя прадукты, якія прадугледжваюць найбольш спрыяльныя на рынку ўмовы крэдытавання для гэтага сектару.

Кошт крэдытаў у беларускіх рублях складае  стаўку рэфінансавання плюс тры працэнтныя пункты. Усяго шэсць крэдытаў: тры на бягучую дзейнасць, або, як кажуць, у абаротку вытворцам тавараў, работ і паслуг, тры – на інавацыйную.

На мэты бягучай дзейнасці для нанава створаных прадпрыемстваў банк прадастаўляе крэдыты «Мікра-Бізнес Старт». Крэдыты шляхам афармлення авердрафту – «Мікра-Бізнес Авердрафт». «Мікра-бізнес Абарот» – крэдыты прадпрыемствам, якія маюць вопыт працы, шляхам афармлення аднаўляльнай крэдытнай лініі прадастаўляюцца таксама на мэты бягучай дзейнасці.

На мэты інвестыцыйнай дзейнасці прадпрыемствам, якія маюць вопыт працы, прапануюцца крэдыты «Мікра-Бізнес Інвест», а для нанава створаных прадпрыемстваў, маючых пацвярджэнне ад мясцовых выканкамаў аб важнасці рэалізуемага праекта для рэгіёна, – «Мікра-Бізнес Інвест плюс», для рэзідэнтаў тэхнапаркаў – «Мікра-Бізнес Інавацыі».

Сума  крэдыту – ад 5 000 да 15 000 базавых велічыняў. Гэта даступнасць да фінансавых рэсурсаў, без чаго бізнес проста немагчымы

І што яшчэ вельмі важна, для афармлення крэдытнага дагавору патрабуецца мінімальны пакет дакументаў, зніжаюцца патрабаванні да памеру забеспячэння. Мы пачалі працаваць са стартапамі. Пры гэтым паслугі па афармленні дакументаў, па аўдыце, бухуліку, кадравай палітыцы могуць быць аказаны ТАА «АСБ Кансалт». Звяртаючыся да нашага даччынага прадпрыемства, кліент атрымлівае скідку па працэнтнай стаўцы па крэдыце. У цэлым, праграма – гэта рэалізацыя кліентаарыентаванай палітыкі банка.

 

- Што дасць рэалізацыя праграмы кліенту і банку?

 

- Для кліента – атрыманне поўнага спектра паслуг на ўсіх этапах жыццядзейнасці прадпрыемства, пашырэнне доступу да фінансавання, праява ініцыятывы. Для банка – пашырэнне кліенцкай базы і яе дыверсіфікацыя, пашырэнне спектра прадастаўляемых прадуктаў і паслуг і, вядома, атрыманне прыбытку. Да ўсяго, гэта яшчэ і работа на імідж банка як высокатэхналагічнага фінансавага інстытута, які працуе ў кантэксце патрабаванняў часу.

 

-  Ці гатоў калетыў да такой перазагрузкі?

 

- Перакананы, што гатоў, і мае месца быць актыўны рэінжынірынг працэсаў. Кваліфікацыя кадраў і іх здольнасць адпавядаць сучасным патрабаванням таксама не падлягае сумненню.

Першы крэдытны дагавор быў заключаны праз два дні з пачатку рэалізацыі праграмы. Сёння аб’ём прадастаўленых гэтым прадпрыемствам рэсурсаў складае больш за 9 млрд рублёў. Важна, каб як мага большая колькасць людзей – прадпрымальнікаў, чыноўнікаў,  кіраўнікоў ведала пра яе.

Мы імкнемся максімальна падрабязна даводзіць інфармацыю да грамадскасці. Дарэчы, актыўна падтрымалі праект ОНТ «Мой бізнес». Зноў-такі для таго, каб матываваць прадпрымальных, але якія крыху сумняваюцца, і інэртных суграмадзян на дзеянні. І вельмі спадзяёмся, што знойдзем новых кліентаў.

Банк у стане быць паўнавартасным кансультантам і партнёрам рэальнага сектара эканомікі, усё больш важкім сегментам якога закліканы станавіцца малы і сярэдні бізнес.