Банк адтрымлівае айчынную драматургію

31 жніўня завяршыўся прыём твораў на конкурс на стварэнне твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць». Як ужо адзначалася раней, яго ініцыятарам выступіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, а «Беларусбанк» падтрымаў мерапрыемства ў якасці партнёра.

Ацэньваць работы канкурсантаў будзе высокае і аўтарытэтнае журы, у складзе якога такія вядомыя асобы, як Аляксандр Гарцуеў, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Галіна Чарнабаева, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Святлана Ганчарова-Грабоўская, доктар філалагічных навук, прафесар, Анатолій Бутэвіч, публіцыст, і іншыя. У аргкамітэт конкурса ад банка ўваходзіць начальнік сакратарыята Марына Лянчэўская.

— Нягледзячы на тое, што быў вызначаны невялікі тэрмін для напісання і прадастаўлення матэрыялаў, можна канстатаваць актыўнасць драматургаў, каму цікавы лёс Скарыны, — адзначае дырэктар тэатра Уладзімір Карачэўскі. — Яно і зразумела, лепшая, на думку журы, песа не толькі прынясе аўтару грашовае ўзнагароджанне, але і будзе пастаўлена, права першай пастаноўкі па ўмовах конкурса належыць нам.  Усе песы будуць апублікаваны, выдадзены зборнік — прапанаваны іншым тэатрам. Больш за тое, лепшыя песы будуць перакладзены на іншыя мовы, а ў будучым —паказаны ў гарадах, дзе калісьці працаваў Францыск Скарына. Тым самым праз тэатральнае мастацтва мы заяўляем пра Беларусь за мяжой.

Многія эксперты адзначаюць, што пра сучасную беларускую драматургію гавораць як пра цікавую, інтэлектуальную, псіхалагічную, душэўную. Лёс доктара Скарыны — бліскучы матэрыял для пісьменніка.

Публіцыст Анатолій Бутэвіч, у мінулым міністр культуры Рэспублікі Беларусь, не стамляецца паўтараць, што Скарына — знакавая асоба для сусветнай культуры. У біяграфіі нашага вялікага земляка мноства белых плямаў. Пры ўсёй кананістычнасці вобраза, ён быў жывым, утрапёным чалавекам, любіў, гарэў, замахваўся на існуючыя грамадскія стэрэатыпы. Бо яму было ўсяго 25, калі выдаў першую друкаваную беларускую кнігу, дзёрзка змясціўшы ў рэлігійным выданні і свой партрэт.

Ды і п’еса — гэта менавіта той жанр, які адпавядае ідэі конкурса: пастаянна развіваецца і абнаўляецца, убіраючы ў сябе тэндэнцыі сучаснасці, мастацкае бачанне рэжысёраў, акцёраў, мастакоў, кампазітараў. Гэта жывая творчасць. Бо танальнасць спектакля вызначае нават настрой гледачоў і акцёраў.

У аргкамітэце адзначаюць, што чакаюць ад аўтараў адкрыццяў, сучасных ацэнак асобы Францыска Скарыны, 525-годдзе з дня нараджэння якога Беларусь будзе святкаваць у наступным годзе разам з 500-годдзем беларускага кнігавыдання.

— У творах, якія ўжо паспелі вывучыць члены журы, выразна прасочваецца тэндэнцыя ўвязвання сучаснасці з мінулым праз прызму асобы вялікага асветніка і гуманіста. Гэта фігура па-за часам і па-за геаграфіяй. Ён чалавек свету і ў той жа час — сын  зямлі беларускай,  — расказалі ў аргкамітэце конкурса.

Будзем сачыць за развіццём падзей і абавязкова раскажам пра тых, чые п’есы пра Скарыну вы зможаце ўбачыць на сцэне драмтэатра ў найбліжэйшы час.

teatr