Старонкі памяці

Напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі на адкрыцці фотавыстаўкі «Этапы Вялікай Перамогі», разгорнутай у галаўным офісе «Беларусбанка», адбылася прэзентацыя фотаальбома «Перамога. Помнім і ганарымся», выдадзенага інфармацыйным агенцтвам БЕЛТА пры фінансавай падтрымцы банка.

У альбоме сабрана каля 400 унікальных здымкаў з архіва БЕЛТА, якія расказваюць пра перадваенныя гады, франтавыя будні, партызанскі рух, работу ў тыле, вызваленне Беларусі, аднаўленне з руін.

Сардэчна павіншаваўшы ўсіх прысутных на прэзентацыі з надыходзячым святам Перамогі, Старшыня Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык падкрэсліў 
важнасць і актуальнасць фотапраекта. «Банк адразу падтрымаў цудоўную прапанову Беларускага тэлеграфнага агенцтва аб выданні альбома аб тых значных і знакавых для нас гадах. Я глыбока перакананы, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі ведалі, цанілі і ганарыліся Перамогай. Мы не павінны дапусціць перагляду яе вынікаў. Сёння гэта вельмі няпроста, але я хачу верыць, што мы справімся», — адзначыў ён.

Ганаровай госцяй мерапрыемства стала малалетні вязень канцлагера Азарычы Вера Сяргееўна Салановіч (Кур’ян) — гераіня здымка, які ўвайшоў у фотаальбом. На фота маленькая Верачка ў слязах схілілася над забітай у лагеры мамай. Гісторыя выратавання дзяўчынкі сапраўды ўражвае: ад непазбежнай смерці малую выратавала ўсмешка. Салдат, які застрэліў маму дзяўчынкі, не змог узняць руку на дзіцяці…

Некалькі экзэмпляраў фотаальбома былі перададзены ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама бібліятэку Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, з якім наш банк звязвае даўняе плённае супрацоўніцтва. У далейшым «Беларусбанк» плануе распаўсюдзіць выданне па рэгіянальных бібліятэках, вышэйшых навучальных установах і падшэфных установах адукацыі.