У горадзе Быхаве адкрыўся першы дзіцячы дом сямейнага тыпу для сям’і Шушлаковых

Годны працяг традыцый для краіны, выдатнае пачынанне для раёна — у горадзе Быхаве адчыніўся першы дзіцячы дом сямейнага тыпу для сям’і Шушлаковых, узведзены за кошт сродкаў ААТ «ААБ Беларусбанк».

Упершыню прыёмныя дзеці ў гэтай сям’і з’явіліся дзевяць гадоў таму назад, зараз бацькі выхоўваюць пецярых дзяцей. З тых пор ужо шасцёра дзяцей сталі выпускнікамі і атрымалі пуцёўкі ў жыццё.

Адкрыццё катэджа для сям’і Шушлаковых з Быхава па-сапраўднаму важная падзея. Раздзяліць радасць ад гэтага бясцэннага доўгачаканага падарунка разам з імі сабраліся сябры і ганаровыя госці, сярод іх кіраўніцтва вобласці і раёна, прадстаўнікі «Беларусбанка» — Старшыня Праўлення Сяргей Пісарык і начальнік філіяла № 700 — Магілёўскага АУ Віктар Ананіч. Падчас адкрыцця дома сямейнага тыпу гучалі цёплыя і душэўныя словы як у адрас ініцыятараў узвядзення катэджа, так і ў адрас новых яго гаспадароў — сям’і Шушлаковых.

«У дзіцячым доме нельга напоўніць любоўю кожнага дзіцяці і стварыць такія ж цёплыя адносіны, як яны бываюць у добрай сям’і. Таму падобны дом — гэта як раз імкненне да таго, каб замяніць дзіцяці, трапіўшаму ў цяжкую сітуацыю, сям’ю, — адзначыў у сваім прывітальным слове на цырымоніі Старшыня Праўлення банка Сяргей Пісарык. — На сённяшні дзень банк пабудаваў 14 катэджаў для дамоў сямейнага тыпу, дапамог з іх добраўпарадкаваннем. І працягваем дапамагаць гэтым сем’ям, можна сказаць, апякаем іх. Мы маем цвёрды намер рэалізоўваць гэты важны сацыяльны праект і надалей, а таксама аказваць неабходную падтрымку шматдзетным сем’ям. Банк пазіцыяніраваў і будзе пазіцыяніраваць сябе сацыяльна адказным брэндам».

Як адзначыў прысутны на мерапрыемстве старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, гэты сацыяльны аб’ект мае вялікае значэнне не толькі для Быхава, вобласці, але і ў цэлым для краіны: «Наша дзяржава надае вялізную ўвагу інстытуту сям’і, і асабліва дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Адно з галоўных патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы — каб кожнае дзіця, якое пражывае ў Беларусі, выхоўвалася ў сям’і. Няхай гэта будзе сям’і родная ці прыёмная, але дзіця павінна адчуваць блізкае плячо дарослага чалавека, бацькоўскую цеплыню».

У краіне і рэгіёне рэалізуецца праграма па будаўніцтве дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, каб адыйсці ад буйных інтэрнатных устаноў. Толькі за апошнія 6 гадоў у Беларусі колькасць такіх устаноў скарацілася ў 5 разоў.

У Магілёўскай вобласці гэта ўжо 47-ы дзіцячы дом сямейнага тыпу. У іх выхоўваюцца 324 дзіцяці, або 80% дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. «У гэтых сем’ях дзеці зусім па-іншаму развіваюцца, атрымліваюць добры ўзровень адукацыі. Гэта адпавядае сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца ў краіне», — падкрэсліў губернатар. Ён выказаў словы асаблівай удзячнасці прыёмным бацькам за тое, што яны займаюцца такой сур’ёзнай справай.

Шматдзетная сям’я Шушлаковых — бацькі і іх прыёмныя дзеці атрымалі прыемныя падарункі ад «Беларусбанка» і, вядома ж, сімвалічны ключ ад свайго новага дома. Катэдж памерам больш за 300 квадратных метраў зможа змясціць усіх дамачадцаў. У ім 10 спальняў, ігравая зала, гасцёўня, кухня, 2 ванныя пакоі і 2 санвузлы на кожным паверсе, а таксама летняя тэраса для адпачынку. Праектам прадугледжаны гаспадарчы хлеў для хатняй жывёлы і садовага інвентара з склепам.

Усяго «Беларусбанк» пабудаваў 14 аналагічных катэджаў ва ўсёй рэспубліцы, у тым ліку 3 у Магілёўскай вобласці. Будаўніцтва банкам жылых дамоў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-­сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ажыццяўляецца ў рамках дабрачыннага сацыяльнага праекта «Беларусбанк. Бацькоўскі кут».