Сям’я Ерназаравых у аграгарадку Агарэвічы

Падарыць права на шчасце

 

Сацыяльная адказнасць бізнесу… як добра, што гэта тэма ўсё часцей стала абмяркоўвацца на медыяпрасторы. Моцны павінен дапамагаць слабаму, багаты — таму, каму патрэбна падтрымка, пры гэтым не выклікаючы сацыяльнае ўтрыманства.

«Беларусбанк» на працягу многіх гадоў аказвае падтрымку шэрагу ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, спартыўным аб’яднанням. Але ёсць асобая тэма — будаўніцтва катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Зусім нядаўна ключы ад чарговага, 13­-га катэджа вялікай сям’і Ерназаравых былі ўручаны Старшынёй Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргеем Пісарыкам і старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцінам Сумарам.

У вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна 26 лютага 2014 года было сапраўднае свята — урачыстае адкрыццё дома сямейнага тыпу. Прафесійныя бацькі (ой, як казённа гучыць!) Ерназаравы, у якіх шасцёра дзяцей, трое з іх — непаўналетнія, узялі на выхаванне яшчэ пецярых прыёмных. Цяпер Крысціна, Андрэй, Ягор, Валерыя, Дар’я, Батыржан, Яржан і Каміла будуць жыць у гэтым вялікім і прасторным доме, дзе хопіць месца ўсім, у тым ліку старэйшым дзецям — Бауржану, Дынары і Венеры. Яны такія розныя і адзіныя. Іх аб’яднала сям’я. І толькі шчодрыя сэрцы Надзеі і Абдзігапара, якія ўзялі на сябе адказнасць за лёсы дзяцей, абраўшы такую цяжкую і такую высакародную працу. Яны не хавалі радасці ад таго, што адбылося, шчыра дзякавалі банку за гэты бясцэнны падарунак.

«Так, на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў нас з’явілася больш за сотню дзяцей, не ў супрацоўнікаў канкрэтна, а ў банка. Раней яны пражывалі ў дамах­-інтэрнатах, цяпер у дабротных дамах у прыёмных сем’ях. Балюча, калі чытаеш аб тым, што ў нашай мірнай паспяховай краіне амаль 30 тысяч дзяцей-сірот. Мы вырашылі хоць трохі скараціць гэту лічбу», — падкрэсліў Сяргей Пісарык.

На сённяшні дзень банк пабудаваў 13 катэджаў для дамоў сямейнага тыпу, дапамог з іх добраўпарадкаваннем. Пасля перадачы катэджа ўзаемадзеянне банка з сем’ямі працягваюць грамадскія арганізацыі банка.

У вялікіх і ўтульных дамах атрымалі бацькоўскі клопат 115 прыёмных дзетак. Банк дапамагае гэтым сем’ям, можна сказаць, апякае іх. І дзеці, і дарослыя — пастаянныя ўдзельнікі банкаўскіх мерапрыемстваў, яны — члены нашага працоўнага калектыву.

Сяргей Пісарык запэўніў, што і надалей банк будзе дапамагаць дамам сямейнага тыпу і будаваць катэджы для тых, хто возьме дзяцей з інтэрнатаў і прытулкаў на выхаванне.

Пасля афіцыйных прамоў, уручэння сімвалічнага ключа і традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі была душэўная гаворка за круглым сталом. У вялікай гасцёўні вялікага дома, у кожнай цагліне якога закладзены любоў, увага і клопат — усё, на чым будуецца сям’я.

Мабыць, пабываўшы на падобных мерапрыемствах, пабачыўшы шчаслівыя вочы дзяцей і дарослых, адчуваеш, як гэта важна і патрэбна — рабіць добрыя справы. Банальна, але бясконцая жыццёвая мітусня адводзіць нас ад гэтых простых і адвечных ісцін — дабро дабром прарастае. І перш чым ашчаслівіць увесь свет, поспрабуй ашчаслівіць хаця б аднаго дзіцяці. А тут гаворка ідзе аб васьмі!

Адкрыццё адбылося напярэдадні вясны — часу адраджэння і надзеі на новае і цудоўнае.

Як хочацца верыць, што ў дзяцей, якія цяпер будуць жыць у гэтым утульным доме, пачаўся новы жыццёвы этап. І не толькі таму, што тут створаны ўсе ўмовы для жыцця, вучобы, зносін. Самае галоўнае, што ёсць сямейны ачаг, тое месца, дзе адзін аднога любяць і чакаюць. Гэта той надзейны прычал, які дае ўпэўненасць і апору, дзе можна быць самім сабой, дзе цябе разумеюць, прымаюць і выбачаюць. А хіба гэта не ёсць шчасце?

Ларыса ГРЫНЬКО, начальнік прэс-­службы «Беларусбанка»