Шчодры падарунак ад «Беларусбанка»

«Беларусбанк» аказаў спонсарскую дапамогу Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы.

За сродкі банка ў ЗАТ «Струм» былі выраблены чатыры шматфункцыянальныя ложкі з электрапрывадам, з балканскай рамай і штацівамі для кропельніцы, чатыры тумбачкі з рухомымі столікамі для зручнасці ляжачых хворых, столькі ж стулляў для наведвальнікаў, стол і шафа. Усё гэта пастаўлена ў палаце для траўматалагічных хворых хірургічнага аддзялення. Набыты таксама два шафікі для захоўвання перавязачнага матэрыялу і столік для перавязкі.

Галоўны ўрач бальніцы Людміла Квецень падзякавала спонсарам за шчодры падарунак: кошт аднаго ложка — 26 мільёнаў 640 тысяч рублёў. Яна засяродзіла ўвагу на значнасці гэтага набытку. У хірургічным аддзяленні бальніцы праводзяцца медыцынскія аперацыі высокага ўзроўню. Новае абсталяванне — вельмі патрэбнае, зручнае і шматфункцыянальнае. Яно палегчыць работу малодшага медыцынскага персанала, догляд за хворымі, а таксама працэс іх рэабілітацыі.